Дэпутат нямецкага Бундэстагу: Ня спынімся, пакуль усе палітвязьні ў Беларусі ня будуць вызваленыя

Робін Вагэнэр

Больш за 1100 палітычных зьняволеных усё яшчэ знаходзіцца за кратамі ў Беларусі«, — нагадаў сузаснавальнік міжфракцыйнай групы «Дэмакратычная Беларусь» у Бундэстагу, дэпутат ад партыі «Саюз 90/Зялёныя» Робін Вагэнэр, камэнтуючы нядаўняе вызваленьне групы вязьняў.

«Мы ня спынімся, пакуль усе яны ня будуць вызваленыя», — напісаў дэпутат на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Вагэнэр — сымбалічны хросны цяпер ужо былога палітвязьня, журналіста Радыё Свабода Ігара Лосіка — адзначыў, што ягоны падапечны, арыштаваны ў 2020 годзе за «абарону свабоды і дэмакратыі» і пасьля прыгавораны да 15 гадоў зьняволеньня, цяпер «у бясьпецы ў Літве».

«На працягу гэтых гадоў я спрабаваў быць побач зь ім — як яго палітычны хросны, у парлямэнце, празь лісты, рэзалюцыі і акцыі пратэсту», — паведаміў нямецкі дэпутат.

  • 11 верасьня ў Менску адбылася сустрэча намесьніка адмысловага пасланца прэзыдэнта Злучаных Штатаў Амэрыкі па Украіне Джона Коўла з Аляксандрам Лукашэнкам. У той жа дзень стала вядома, што «на просьбу прэзыдэнта ЗША ды іншых кіраўнікоў дзяржаваў» Лукашэнка прыняў рашэньне пра памілаваньне «шэрагу замежных грамадзян, што былі асуджаныя за шпіёнскую дзейнасьць, удзел у экстрэмісцкай і тэрарыстычнай дзейнасьці ды зьдзейсьнілі іншыя злачынныя дзеяньні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
  • Агулам у той дзень адпусьцілі і прымусова накіравалі ў Літву 51 зьняволенага (у тым ліку 14 замежных грамадзян), яшчэ адзін — Мікалай Статкевіч — на мяжы адмовіўся пакідаць Беларусь. Інфармацыі пра ягоны лёс няма ўжо двое сутак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьні, якіх вывезьлі ў Вільню, на прэс-канфэрэнцыі заявілі пра катаваньні і спробы вэрбаваць. ВІДЭА