Беларусь прагаласавала ў ААН за стварэньне палестынскай дзяржавы

Галасаваньне ў Генэральнай Асамблеі ААН

Генасамблея ААН падтрымала стварэньне дзяржавы Палестына без ХАМАСу ва ўладзе.

Супраць стварэньня палестынскай дзяржавы выступілі Ізраіль, ЗША, Вугоршычна, Аргентына і яшчэ шэсьць дзяржаваў. «За» прагаласавалі 142 са 193 краін-сябраў ААН: большасьць эўрапейскіх, Вялікабрытанія, Кітай, Беларусь, Расея, Украіна і многія краіны Блізкага Ўсходу. Яшчэ 12 краін устрымаліся, піша Reuters

Рэзалюцыя ў падтрымку так званай Нью-Йорскай дэклярацыі была распрацаваная на ініцыятыву Францыі і Савудаўскай Арабіі. Дакумэнт прапануе дарожную мапу па вырашэньні канфлікту вакол сэктара Газа. Яна ўключае неадкладнае спыненьне агню ў гэтым раёне, раззбраеньне групоўкі ХАМАС і яе адхіленьне ад улады ў Газе, вызваленьне ўсіх закладнікаў, стварэньне сувэрэннай дзяржавы Палестына.

  • 7 кастрычніка 2023 году баевікі ХАМАС уварваліся на тэрыторыю Ізраілю, забіўшы каля 1200 чалавек і ўзяўшы больш за 250 закладнікаў.
  • У адказ Ізраіль пачаў ваенную апэрацыю ў сэктары Газа, заявіўшы, што яе мэта — вызваліць закладнікаў і зьліквідаваць ХАМАС.
  • Паводле Міністэрства аховы здароўя Газы, падкантрольнага ХАМАС, у выніку ізраільскіх нападаў у гэтым сэктары загінулі больш за 50 000 чалавек. Незалежнага пацьверджаньня гэтым лічбам няма, гэтая статыстыка не падзяляе ўзброеных і цывільных асобаў.
  • У чэрвені прэзыдэнт Палестынскай аўтаноміі Махмуд Абас публічна асудзіў напад баевікоў ХАМАС на Ізраіль 7 кастрычніка 2023 году. Раней ён заклікаў ХАМАС вызваліць закладнікаў, але ўстрымаўся ад беспасярэднага асуджэньня нападу 7 кастрычніка.
  • Кіраўніцтва Палестынскай нацыянальнай аўтаноміі адмовілася ад падтрымкі тэрарызму як інструмэнту барацьбы за стварэньне арабскай дзяржавы ў Палестыне, але адміністрацыя рэдка асуджае дзеяньні тэрарыстычных груповак.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Ізраіль адрэагавалі на плян Францыі прызнаць палестынскую дзяржаву