14 кастрычніка Windows 10 атрымае свой апошні патч бясьпекі (абнаўленьне праграмнага забесьпячэньня). Пасьля пэрсанальныя кампутары і ноўтбукі з гэтым софтам больш ня будуць атрымліваць штомесячнае абнаўленьне бясьпекі і выпраўленьне памылак.
Адмыслоўцы раяць, што рабіць карыстальнікам пасьля заканчэньня падтрымкі Windows 10
- Абнавіцца да Windows 11. Калі кампутар адпавядае патрабаваньням новай АС, абнаўленьне можна зрабіць бясплатна.
- Аплаціць Microsoft пашыранае абнаўленьне бясьпекі ESU. За дадатковую аплату 30 даляраў любы карыстальнік Windows 10 зможа падоўжыць атрыманьне абнаўленьняў і патчаў яшчэ на год. Гэта часовая мера для тых, хто пакуль не гатовы перайсьці на Windows 11.
- Купіць новы ПК з Windows 11. Для старых кампутараў, якія не падтрымліваюць Windows 11, гэта адзіны афіцыйны варыянт.
- Застацца на Windows 10. Калі Microsoft завяршае падтрымку апэрацыйнай сыстэмы, гэта не азначае, што прылады на ёй перастануць працаваць. Калі выбраць гэты варыянт, варта сачыць за актуальнасьцю вэрсіі антывіруса і рэгулярна рабіць рэзэрвовыя копіі важных дадзеных.
Без абнаўленьняў Windows 10 з часам стане ўразьлівай. Гэта асабліва крытычна для:
- банкаўскіх і мэдычных сыстэм,
- бізнэсу, які працуе з канфідэнцыйнымі дадзенымі,
- хатніх карыстальнікаў, якія робяць анлайн-плацяжы і пакупкі.
Пасьля 14 кастрычніка Windows 10 ператворыцца ў састарэлую сыстэму без абароны. Microsoft настойліва раіць перайсьці на Windows 11 або падлучыцца да праграмы ESU, каб зьнізіць рызыкі бясьпекі.
Windows 10 была выпушчаная ў 2015 годзе і на працягу дзесяці гадоў заставалася самай папулярнай у сьвеце дэсктопнай апэрацыйнай сыстэмай. У ліпені гэтага года яе ўпершыню абагнала па папулярнасьці Windows 11.
Microsoft ужо пацьвердзіла, што пакуль у яе няма плянаў на Windows 12.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Apple для ААЦ і Windows для Мінэканомікі. Колькі дзяржава траціць на заходняе абсталяваньне і праграмы на фоне размоваў пра айчынны софт