Трамп запатрабаваў ад NATO перастаць купляць расейскую нафту

Trump

ЗША «гатовыя ўвесьці сур’ёзныя санкцыі супраць Расеі, калі ўсе краіны NATO спыняць пакупку нафты ў Расеі», — заявіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

У апублікаваным у сацыяльнай сетцы Truth Social яго лісьце «ўсім дзяржавам NATO і ўсяму сьвету» гаворыцца:

«Як вы ведаеце, прыхільнасьць NATO перамозе была далёка не на 100%, а купля расейскай нафты некаторымі краінамі была шакуючай! Гэта моцна аслабляе нашу перамоўную пазыцыю і сілу ціску на Расею. У любым выпадку, я гатовы «пачаць», калі вы будзеце гатовыя. Проста скажыце калі».

Прэзыдэнт ЗША таксама прапанаваў краінам NATO ўвесьці 50-100% мыта на імпарт з Кітаю. «Кітай мае моцны кантроль, нават уплыў над Расеяй, і гэтыя магутныя тарыфы разбураць гэты ўплыў, — напісаў ён. —...Калі NATO зробіць, як я кажу, вайна хутка скончыцца, і ўсе гэтыя жыцьці будуць выратаваныя! Калі не, вы проста марнуеце мой час, а таксама час, сілы і грошы Злучаных Штатаў».

  • «Мы скарацілі спажываньне газу і нафты з Расеі на 80% на ўзроўні Эўрапейскага зьвязу. Яно застаецца на ўзроўні 20%, і нам трэба над гэтым працаваць. І значную частку гэтых 20% спажывае Вугоршчына», — заявіў старшыня Эўрапейскай рады ў пачатку верасьня перад кансультацыямі ў Вашынгтоне.
  • Раней прэзыдэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў «важным сыгналам» тое, што ў ЗША «не задаволеныя тым, што краіны дапамагаюць расейскай ваеннай машыне, купляючы энэргетычныя рэсурсы Расеі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп «губляе цярпеньне» ў сувязі з дзеяньнямі Пуціна