12 верасьня на тэрыторыі Беларусі і Расеі пачаліся маштабныя вайсковыя манэўры «Захад — 2025». Падчас іх, на думку вайсковага аглядальніка BILD Юльяна Ропке, Пуцін і Лукашэнка адпрацоўваюць тры стратэгіі супольнай вайны супраць Захаду.
Ядзерны сцэнар
Цэнтральны элемэнт манэўраў — адпрацоўка выкарыстаньня ядзернай зброі і ракет сярэдняй далёкасьці «Арэшнік». Іхнае разьмяшчэньне ў Беларусі, паводле плянаў, адбудзецца ўжо да канца сёлетняга году. «Мы бачым сытуацыю на нашых заходніх і паўночных межах і ня можам спакойна назіраць за мілітарызацыяй і актыўнасьцю суседзяў», — заявіў міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін падчас адкрыцьця вучэньняў.
Гэты сцэнар выклікаў імгненную рэакцыю суседзяў: Польшча зачыніла мяжу зь Беларусьсю, а Літва — паветраную прастору ў памежных раёнах. У адказ прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава папярэдзіла пра «магчымыя наступствы».
Сувалскі калідор
Афіцыйная вэрсія вучэньняў гучыць як «абарона ўласных тэрыторый і аднаўленьне цэласнасьці дзяржавы». Але ўжо ў першы дзень дзяржаўныя агенцтвы паведамілі, што ключавы тэатар «абарончай апэрацыі» — Калінінградзкая вобласьць. Паводле сцэнару, каб «выратаваць» анкляў, войскі павінны наступаць з тэрыторыі Беларусі і пракласьці так званы Сувалскі калідор — вузкі 60-кілямэтровы адрэзак празь Польшчу і Літву, які злучыць Беларусь з Калінінградам. Фактычна пад выглядам абароны Масква адпрацоўвае напад на тэрыторыю NATO.
«Барацьба з дывэрсантамі»
Яшчэ адзін складнік вучэньняў — «змаганьне зь незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі і дывэрсійна-разьведвальнымі групамі праціўніка». Расейскія прапагандысцкія СМІ ўжо сьцьвярджаюць, што гаворка ідзе пра «агентаў Польшчы» і «украінскіх шпіёнаў». Аднак практыка апошніх гадоў у Беларусі паказвае іншае: «дывэрсантамі» часта робяцца ўласныя грамадзяне, крытыкі рэжыму, якіх бяз доказаў абвінавачваюць у шпіянажы і кідаюць за краты.
Такім чынам, «Захад — 2025» ня толькі дэманструе гатовасьць Пуціна і Лукашэнкі да магчымай канфрантацыі з Захадам, але і стварае падставы для ўнутраных рэпрэсій у Беларусі пад выглядам «барацьбы з ворагамі», робіць выснову вайсковы аглядальнік BILD Юльян Ропке.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаліся сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2025», яны скончацца 16 верасьня. Геаграфія манэўраў