Тозік назваў дзеяньні Польшчы «злоўжываньнем сваім геаграфічным становішчам, прыватызацыяй межаў ЭЗ, ЭАЭС, Захаду і Ўсходу».
Польшча закрыла межы зь Беларусьсю без указаньня тэрміну, патлумачыўшы свой крок патэнцыйнай пагрозай з боку Беларусі. «Рух адновіцца, толькі калі мы будзем упэўненыя, што бясьпека палякаў гарантаваная», — заявіў кіраўнік МУС Польшчы Марцін Кервінскі.
На вучэньнях у Беларусі РФ і РБ адпрацоўваюць у тым ліку ўжываньне ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік». Напярэдадні абвешчанага закрыцьця межаў каля 20 расейскіх беспілётнікаў уварваліся ў паветраную прастору Польшчы. Былі задзейнічаныя самалёты і супрацьракетныя сыстэмы краіны і яе саюзьнікаў для таго, каб зьбіць дроны.
Беларусь абвяргае любыя прэтэнзіі ў сувязі з парушэньнем паветранай прасторы Польшчы дронамі, заявіў Арцём Тозік на пасяджэньні Рады бясьпекі ААН. Беспадстаўнасьць закідаў на свой адрас афіцыйны Менск тлумачыць і тым, што «Рэспубліка Беларусь першая і, магчыма, адзіная, хто паінфармаваў польскі бок аб набліжэньні беспілётнікаў», — прыводзіць словы Тозіка БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчыма, гэта быў спантанны адказ Расеі й Беларусі на закрыцьцё мяжы», — польскі аналітык Клысіньскі пра бесьпілётнікі ў ПольшчыРасея таксама абвяргае абвінавачаньні на свой адрас. Пастаянны прадстаўнік Расеі ў ААН Васілі Небеньзя заявіў, што далёкасьць палёту выкарстаных для ўдару па Ўкраіне ў ноч на 10 верасьня дронаў не перавышае 700 кілямэтраў, і «фізычна немагчыма», каб яны дасягнулі польскай тэрыторыі. Ён дадаў, што Масква гатовая да дыялёгу.
Намесьнік міністра замежных спраў Польшчы Марцін Басацкі заявіў у Радзе бясьпекі, што ўварваньне беспілётнікаў не магло быць памылкай. Ён прадставіў фота абломкаў з надпісамі па-расейску, падкрэсьліўшы: «Польшча не дазволіць сябе запалохаць». Зь ім пагадзіўся прадстаўнік Славеніі Самуэль Жбогар, які адзначыў, што немагчыма ўявіць, каб такое глыбокае пранікненьне дронаў на тэрыторыю Польшчы адбылося выпадкова.
Пасяджэньне Рады бясьпекі ААН, прысьвечанае парушэньню паветранай прасторы Польшчы, прайшло ў пятніцу. Інцыдэнт з беспілётнікамі стаў першым выпадкам за час вайны ва Ўкраіне, калі краіна-сябар NATO зьбіла дроны над сваёй тэрыторыяй.