Як стала вядома «Позірку», 4 верасьня, у дзень, калі КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фармаваньнем» ютуб-канал «Плятформа 375», затрымалі журналіста Кірыла Пазьняка.
У 2021-2022 гадах канал правёў некалькі дэбатаў паміж праўладнымі прапагандыстамі і іх апанэнтамі, якія вымушана зьехалі з краіны. Апошні эфір адбыўся 3 сьнежня 2022 году з удзелам Рыгора Азаронка (СТБ), Юрыя Цераха («СБ. Беларусь сегодня») — у Менску, а таксама Алега Талерчыка (сузаснавальнік арганізацыі былых супрацоўнікаў сілавых структур ByPol) і Дзяніса Дудзінскага (тэлевядоўца, шоўмэн) — у Варшаве.
Адным зь вядоўцаў дэбатаў быў Кірыл Пазьняк. Ва ўступным слове ён заявіў, што дэбаты патрэбныя для стварэньня «дыялёгавай пляцоўкі, каб апанэнты маглі хаця б пачуць адзін аднаго». І Азаронак, і Церах перад дэбатамі заявілі, што «павінна быць цікава». Тыя дэбаты набралі 38 тыс. праглядаў.
Канал зарэгістраваны ў 2021 годзе, мае 4,05 тыс. падпісчыкаў і 3,41 млн праглядаў. Далей ён спэцыялізаваўся на навінах Магілёўскай і Віцебскай абласьцей, прытрымліваючыся нэўтральнай падачы.
- Паводле зьвестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, у месцах пазбаўленьня волі, без уліку Пазьняка, знаходзяцца 27 супрацоўнікаў СМІ. 11 верасьня ў рамках зьдзелкі паміж Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 12 журналістаў і блогераў.