Масавае ўварваньне расейскіх дронаў у Польшчу 10 верасьня магло быць памылкай. З такой заявай выступіў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.
«Магчыма, гэта была памылка. Але, незалежна ад гэтага, я не задаволены нічым, што зьвязана з гэтай сытуацыяй. Але спадзяюся, усё гэта хутка скончыцца», — заявіў ён журналістам.
На гэта прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск адказаў у сацсетцы Х: «Мы б таксама хацелі, каб атака беспілётнікаў на Польшчу была памылкай. Але гэта ня так. І мы гэта ведаем».
Раней у сваёй сацсетцы Truth Social Трамп разьмясьціў двухсэнсоўны запіс, прысьвечаны прылёту расейскіх дронаў у Польшчу: «Што гэта за парушэньне Расеяй паветранай прасторы Польшчы беспілётнікамі? Пачалося!».
Пры гэтым прэзыдэнт ЗША таксама пагаварыў па тэлефоне з прэзыдэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім і пацьвердзіў саюзьніцкія абавязаньні, у тым ліку наконт знаходжаньня амэрыканскіх войскаў у Польшчы.
У ноч на 10 верасьня ў паветраную прастору Польшчы заляцелі 19 дронаў. Польшча зьбіла тры зь іх. У паветра была паднятая не толькі польская авіяцыя, але і самалёты дзяржаваў-саюзьніц, дысьлякаваныя ў Польшчы.