На беларускай-літоўскай мяжы Павал Мажэйка быў у адным аўтобусе зь Міколам Статкевічам, які адмовіўся выяжджаць з краіны. Ён расказаў у эфіры «ПіКа Свабоды» дэталі гэтага здарэньня.
Іншы госьць праграмы – гісторык і палітоляг Аляксандар Фрыдман. Зь ім Дзьмітры Гурневіч размаўляе пра зьдзелку паміж Дональдам Трампам і Аляксандрам Лукашэнкам.
«Я на баку Міколы Статкевіча і лічу, што ён меў права павесьці сябе менавіта так»
Павал Мажэйка: Мы ехалі зь Міколам у тым самым аўтобусе. Я ў самым канцы, а ён напачатку. Калі мы спыніліся літаральна на некалькі сэкундаў перад шлягбаумам, які даваў нам магчымасьць заехаць на літоўскі бок, супрацоўнікі КДБ выскачылі з аўтобуса. У гэты ж момант Мікола Статкевіч пачаў гучна казаць, што ён не зьбіраецца выяжджаць і каб яго вярталі. Ён патрабаваў, каб яму адчынілі дзьверы і ў выніку Мікола выйшаў. Гэта ўсё, што я бачыў. Мікола Статкевіч і сваім жыцьцём, і сваёй дзейнасьцю, і пазыцыяй, даўно даказаў, што мае права ісьці супраць плыні і трымаць тую пазыцыю, якую ён трымае. Ён за гэта разьлічваецца сваім жыцьцём. У гэтым сэнсе я яго абсалютна падтрымліваю. Усе гэтыя дыскусіі, якія ёсьць, павінны быць спыненыя. Ніхто з намі, хто быў у аўтобусе, не вёў з намі размоваў, я маю на ўвазе ўлады Беларусі. Ніхто не пытаў нас згоды і дазволу, каб нас вывозіць. Гэта быў была прымусовая дэпартацыя з уласнай краіны. Тут я на баку Міколы Статкевіча і лічу, што ён меў права павесьці сябе менавіта так. Годна, так як гэта і зрабіў.
«Мікола Статкевіч гэтую гульню Лукашэнкі зламаў»
Аляксандар Фрыдман: Статкевіч даказаў, што ён вельмі мужны, прынцыповы чалавек. Ён беларускі палітык, які ўпэўнены, што беларуская палітыка можа рабіцца толькі ў Беларусі. Лукашэнка можа пасадзіць яго ў турму, можа выкінуць яго зь Беларусі, але пазбавіць яго краіны Лукашэнка на змог. Не атрымалася перакінуць яго ў Літву. Гэтую сыстэму Лукашэнкі Статкевіч зламаў. І Лукашэнка зараз, я думаю, у вельмі супярэчлівай сытуацыі. Вядома, можна ўзяць Статкевіча і кінуць яго яшчэ раз за краты, тут для Лукашэнкі нічога новага. Але гэта будзе выглядаць неяк непрывабна на фоне ўсіх гэтых перамоваў з амэрыканцамі. Пакінуўшы яго на волі, Лукашэнка таксама страціць твар. Ён жа падкрэсьліваў, што ўсе тыя людзі, якіх ён вызваляе, павінны пакінуць Беларусь. А Мікола Статкевіч гэтую гульню Лукашэнкі зламаў. Мне падаецца, што яны разьлічвалі хутчэй на тое, што амэрыканцы разам зь літоўскім бокам угавораць Статкевіча і што ён пагодзіцца. Калі б гэта ўдалося, то можна было б сказаць, што нават такога прынцыповага Статкевіча мы выкінулі ў Літву.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.