Як адзначаецца ў абнародаванай 11 верасьня супольнай заяве, пад патрабаваньнямі падпісаліся Бэльгія, Баўгарыя, Харватыя, Чэхія, Кіпр, Данія, Эстонія, Фінляндыя, Францыя, Нямеччына, Грэцыя, Ісьляндыя, Ірляндыя, Італія, Латвія, Літва, Люксэмбург, Чарнагорыя, Нідэрлянды, Нарвэгія, Польшчы, Партугалія, Румынія, Славенія, Гішпанія, Швэцыя Вялікая Брытанія, Украіна і Канада, якія ўваходзяць у нефармальную групу сяброў дэмакратычнай Беларусі.
Да іх далучыліся таксама Альбанія, Андора, Аўстрыя, Ліхтэнштэйн, Мальта, Малдова, Паўночная Македонія, Сан-Марына і Швайцарыя.
«Мы зноў заклікаем да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня гэтых зьняволеных і іх эфэктыўнай рэабілітацыі і настойліва заклікаем улады Беларусі спыніць кампанію рэпрэсій. Празь пяць гадоў мужнасьць беларускага народу не забылі. Мы па-ранейшаму непахісна падтрымліваем яго імкненьне да свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай Беларусі», — адзначаецца ў заяве.
У дакумэнце нагадалі, што рэпрэсіі пачаліся пасьля мірных пратэстаў супраць фальсыфікацый вынікаў выбараў у жніўні 2020 году. У заяве спасылаюцца на інфармацыю праваабарончага цэнтру «Вясна», згодна зь якой у Беларусі пад палітычна матываваны крымінальны перасьлед трапілі сама меней 8 519 чалавек і зафіксавана больш за 100 тысяч выпадкаў рэпрэсій.
«Больш за тое, падтрымка Беларусьсю агрэсіўнай вайны Расеі супраць Украіны і выкарыстаньне нелегальнай міграцыі ў якасьці інструмэнту яшчэ раз падкрэсьлівае яе грэбаваньне міжнародным мірам і бясьпекай, а таксама сваімі абавязкамі ў межах АБСЭ», — адзначаецца ў заяве.
«Вызваленьне некалькіх сотняў палітычных зьняволеных зь ліпеня 2024 году зьяўляецца пазытыўнай падзеяй, мы па-ранейшаму занепакоеныя арыштамі і перасьледам асобаў, якія працягваюцца за рэалізацыю сваіх правоў чалавека», — ідзецца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хваля аптымізму і новыя выклікі: што значыць вызваленьне 52 палітвязьняў. Аналіз Валера Карбалевіча