Стаў вядомы шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Гедройця

Лон-ліст прэміі Ежы Гедройця, 2025

Абвешчаны кароткі сьпіс прэміі Ежы Гедройця.

За беларускую літаратурную ўзнагароду сёлета будуць змагацца 6 твораў:

«Гульні Цырцэі. Раман» — Зьміцер Дзядзенка;

«Занзібар. Сталеньне маладой душы» — Сяргей Дубавец;

«Перамена месцаў» — Югася Каляда;

«Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода» — Аляксандр Лукашук;

«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» — Анка Упала;

«Забойства на вуліцы Макаёнка» — Клёк Штучны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэтэктывы, містэрыя і фантасмагорыя. Хто сёлета мае шанцы на прэмію Гедройця

Імёны пераможцы, а таксама атрымальнікаў другой і трэцяй прэміяў стануць вядомыя 15 лістапада. Уручэньне прэміі адбудзецца ў Гданьску ў Эўрапейскім цэнтры салідарнасьці.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройця — незалежная ўзнагарода, якую ўручаюць штогод з 2012-га за найлепшую кнігу прозы па-беларуску, выдадзеную ў папярэднім годзе.

Ужо чацьвёрты год уручаць прэмію будуць не ў Беларусі. Два гады запар — у 2022-м і 2023-м — урачыстасьці праходзілі ў Варшаве, летась у Гданьску.