Памежны камітэт Беларусі атрымаў афіцыйнае паведамленьне Польшчы аб закрыцьці мяжы

У 2022 годзе пасьля мігранцкага крызісу на мяжы Польшчы і Беларусі закрылі памежны пункт у Кузьніцы. Ілюстрацыйнае фота

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі паведаміў аб атрыманьні афіцыйнай інфармацыі польскага боку аб закрыцьці пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы.

«Сёньня ў Дзяржаўны памежны камітэт Рэспублікі Беларусь прыйшло афіцыйнае паведамленьне Памежнай стражы Рэспублікі Польшчы аб закрыцьці з 1:00 12 верасьня па беларускім часе апошніх дзейных міжнародных пунктаў пропуску на беларуска-польскай мяжы», — працытавала Бычкоўскага дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Ён удакладніў, што ідзецца пра аўтамабільныя Берасьце — Тарэспаль і Казловічы — Кукурыкі, а таксама чатыры чыгуначныя пункты пропуску: Горадня — Кузьніца Беластоцкая, Бераставіца — Зубкі Беластоцкія, Свіслач — Сямёнаўка, Берасьце — Тарэспаль.

«Беларускія памежнікі цяпер прымаюць усе магчымыя захады для апэратыўнага афармленьня грамадзян, якія знаходзяцца ў чарзе і спрабуюць перасячы мяжу да закрыцьця руху польскім бокам», — заявіў Бычкоўскі.

Аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі стала вядома 9 верасьня. Як заявіў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі, Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўжыла эканамічную «ядзерную зброю», перакрыўшы мяжу — палітычны аналітык Вадзім Мажэйка