Амбасадара Славаччыны не было ў Беларусі з 2020 году. Тады ўлады адклікалі свайго прадстаўніка на салідарнасьць з Польшчай і Літвой, якім беларускія ўлады загадалі скараціць дыпляматычнае прадстаўніцтва.
Папярэдні нунцый Папы Рымскага завяршыў сваю кадэнцыю ў Беларусі ў ліпені 2024 году.
Як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, прымаючы даверчыя граматы новага славацкага дыплямата, Лукашэнка сказаў, што інтарэсы Славаччыны ў Беларусі будзе выконваць «даўні знаёмы і дасьведчаны дзяржаўны дзяяч» Ёзэф Мігаш.
«Высока цэнім незалежны курс, які праводзіць Браціслава. Праводзіць мужна і годна, нягледзячы на зьнешні ціск і пагрозы. Гаварылі пра гэта з прэм’ер-міністрам Робэртам Фіца ў Пэкіне», — сказаў Лукашэнка.
Ён дадаў, што чакае славацкага прэм’ера ў Беларусі, каб абмеркаваць «у сяброўскай атмасфэры» ўсе пытаньні і паказаць памятныя месцы, зьвязаныя з гісторыяй часоў Другой усясьветнай вайны.
Прымаючы даверчыя граматы прадстаўніка Ватыкану, Лукашэнка заявіў, што двухбаковыя дачыненьні заснаваныя на ўзаемнай павазе, дыялёгу і традыцыйных каштоўнасьцях, а таксама на блізкіх падыходах да шмат якіх міжнародных пытаньняў.
«Высока цэнім пасьлядоўную, шчырую пазыцыю Ватыкану супраць санкцый. Бачу значны патэнцыял для аб’яднаньня нашых намаганьняў дзеля міру ў Эўропе і на плянэце», — сказаў Лукашэнка і запэўніў, што гатовы абмяркоўваць з прадстаўніком пантыфіка «любыя пытаньні глябальнага і двухбаковага фармату».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Пэкіне пагутарыў з Пуціным, кіраўніком КНДР і прэм’ерам Славаччыны. Фота бяз рэтушы