Польшча ўвяла да 10 сьнежня абмежаваньні па палётах уздоўж мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай

На месцы падзеньня расейскага дрона ў Польшчы, 10 верасьня 2025

Па прапанове апэратыўнага камандаваньня Ўзброеных сіл Польшчы з 1 гадзіны ночы па менскім часе 11 верасьня да 2 гадзін 59 хвілін 10 сьнежня 2025 года ўведзенае абмежаваньне палётаў ўздоўж мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай.

Абмежаваньне дзейнічае кругласутачна для грамадзянскай авіяцыі, за выключэньнем дзяржаўнай, санітарнай, а таксама пры выкананьні палётаў, зьвязаных з аказаньнем дапамогі людзям або жывёлам (падчас стыхійных бедзтваў, экалягічных катастроф і іншых надзвычайных сытуацый), абаронай і кантролем крытычна важнай інфраструктуры, паведаміла Польскае агенцтва па аэранавігацыі.

Абмежаваньні на палёты ля мяжы Польшчы зь Беларусьсю і Ўкраінай

Для астатніх відаў авіяцыі, акрамя вайсковай, забарона дзейнічае ў пэрыяд паміж заходам і ўзыходам сонца.

Беспалётная зона ўведзена «для забесьпячэньня нацыянальнай бясьпекі» на наступны дзень пасьля масавага ўварваньня расійскіх дронаў у польскую паветраную прастору (у тым ліку зь беларускай тэрыторыі) — першага з пачатку поўнамаштабнай агрэсіі РФ супраць Украіны.

Пры гэтым абмежаваньняў няма ўздоўж мяжы Польшчы з Калінінградзкай вобласьцю Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбілі

Туск заявіў аб актывацыі артыкулу 4 Статуту NATO

Дональд Туск заявіў, што значная частка бесьпілотнікаў, які трапілі ў польскую паветраную прастору, прыляцела зь Беларусі, піша Reuters.

Туск сказаў, што «мы знаходзімся ў сытуацыі, найбольш блізкай да ўзброенага канфлікту з часоў Другой сусьветнай вайны». Туск паведаміў таксама, што былі зьбітыя 4 бесьпілётнікі.

Па стане на 11-ю гадзіну раніцы было знойдзена сем бесьпілётнікаў і іх абломкаў на тэрыторыі Люблінскага, Лодзінскае і Вармінска-Мазурскага ваяводзтваў. Пра гэта паведаміла прэс-сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Кінга Галэцка.

Агулам больш за 20 расейскіх беспілётнікаў былі выяўленыя ў начны час падчас парушэньня паветранай прасторы Польшчы, піша польскае выданьне Rp.pl.

Для іх зьбіцьця выкарыстоўваліся баявыя самалёты, у тым лікугаляндскія F-35, якія прыбылі ў Польшчу 1 верасьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасланьне NATO Пуціну пасьля атакі расейскіх дронаў на Польшчу: «Спыніце вайну ва Ўкраіне»