Пастаноўка на ўлік, навучаньне, дазволы на палёты і здымкі: з 4 чэрвеня ў Беларусі набываюць моц новыя правілы карыстаньня дронамі

У Беларусі з 4 чэрвеня ўступаюць у сілу новыя правілы выкарыстаньня бесьпілётных лятальных апаратаў. Усім уладальнікам дронаў давядзецца пацьвердзіць законнасьць іх набыцьця, прайсьці навучаньне і атрымаць дазволы на палёты ад «Белаэранавігацыі» і на аэрафотаздымку — ад вайскоўцаў.

Выданьне Office Life зрабіла агляд ключавых зьменаў, зь якімі сутыкнуцца беларускія карыстальнікі дронаў. Пераказваем асноўнае.

Загад Дэпартамэнту грамадзянскай авіяцыі № 268, якім зацьверджаны парадак дзяржаўнага ўліку і эксплуатацыі цывільных дронаў, быў выдадзены 4 кастрычніка 2022 году, на выкананьне новых патрабаваньняў уладальнікам бесьпілётнікаў далі 8 месяцаў. Аднак, паводле ацэнак некаторых экспэртаў, з 5-7 тысяч уладальнікаў дронаў у Беларусі на сёньня менш за 10% прайшлі неабходнае навучаньне і змогуць выкарыстоўваць дроны пасьля 4 чэрвеня. Для астатніх неба будзе закрытае, адзначае выданьне.

4 новыя патрабаваньні для ўладальнікаў дронаў

1) Практычна ўсе бесьпілётнікі павінны прайсьці працэдуру пастаноўкі на дзяржаўны ўлік у Дэпартамэнце грамадзянскай авіяцыі з атрыманьнем унікальнага ўліковага нумара (па аналёгіі з бартавым нумарам самалёта). Выключэньне: некаторыя маленькія дроны зь невялікай максымальнай хуткасьцю (калі кінэтычная энэргія ўдару апарата не перавышае 80 Дж).

Дроны, сабраныя «ўмельцамі» самастойна, прайсьці рэгістрацыю ня змогуць, далейшае іх выкарыстаньне будзе лічыцца незаконным.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пыталі, як далёка можа заляцець, ці купляў дадатковыя аксэсуары». Як пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах правяраюць уладальнікаў дронаў

2) Апэратар дрона павінен прайсьці абавязковае навучаньне: у залежнасьці ад мэты і месца палётаў — на адкрытую катэгорыю (дазваляе выкарыстоўваць дроны паўсюль, акрамя гарадоў і закрытых для палётаў зонаў) або на спэцыяльную (дае права выконваць палёты таксама і над гарадамі).

Прайсьці навучаньне і атрымаць сэртыфікат можна ў ДТСААФ, Нацыянальнай акадэміі грамадзянскай авіяцыі і Беларускім тэхналягічным унівэрсытэце. Курс навучаньня на адкрытую катэгорыю разьлічаны на 24 гадзіны і каштуе 230–250 рублёў, курс атрыманьня спэцыяльнай катэгорыі зойме 40 гадзін плюс 16 гадзін практыкі і каштуе 500-600 рублёў (ён разьлічаны на супрацоўнікаў юрыдычных асобаў, якія выкарыстоўваюць дроны ў сваёй дзейнасьці).

Пацьвярджаць свае веды трэба будзе кожныя 5 гадоў.

Пры выкарыстаньні дрона трэба будзе мець пры сабе сэртыфікат, міліцыя можа правяраць яго. Адсутнасьць пры сабе сэртыфікату — першы раз будзе лічыцца адміністрацыйным парушэньнем, у наступным можа дайсьці і да крымінальнай адказнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У памежнай зоне Беларусі забаранілі выкарыстоўваць любыя дроны без дазволу Памежнага камітэту

3) Для ажыцьцяўленьня палётаў трэба заключыць дамову з РУП «Белаэранавігацыя». Штораз пры выкарыстаньні дрона туды трэба будзе падаваць заяўкі на выкарыстаньне паветранай прасторы з указаньнем часу і зоны палёту. Заяўкі можна будзе падаваць праз асабісты кабінэт, які ствараецца пасьля папярэдняга заключэньня дамовы на абслугоўваньне з «Белаэранавігацыяй».

Ужо па прыбыцьці на месца палёту трэба зьвязацца з раённым цэнтрам кіраваньня паветраным рухам і пацьвердзіць дыспэтчару, што, згодна з заяўкай за пэўным нумарам, вы будзеце выконваць палёты ў гэтай зоне. Прычым сувязь з дыспэтчарам павінна быць сталай, бо трэба паведамляць пра кожны новы ўзьлёт, магчымыя інцыдэнты (напрыклад, страту сувязі з апаратам) і нават пра завяршэньне палётаў.

4) Для фота- і відэаздымак камэрай, усталяванай на стабілізаванай плятформе дрона, спатрэбіцца яшчэ і дазвол Генштабу Ўзброеных сіл Беларусі. Для гэтага трэба накіроўваць сканаваны запыт у Мінабароны па электроннай пошце afs@mod.mil.by.

Варта адзначыць, што атрымліваць дазвол на здымку трэба, калі бесьпілётнік абсталяваны камэрай на стабілізаваным падвешваньні (як, напрыклад, на папулярных мадэлях Phantom ці Mavic). Калі гэта недарагая мадэль, якая здымае на ўбудаваную камэру, для яе такі дазвол не патрэбны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дроны DJI і Autel сталі недаступныя на AliExpress для карыстальнікаў зь Беларусі

Ранейшыя абмежаваньні

Як і раней, дроны, якія належаць фізычным асобам, змогуць лятаць толькі ў сельскай мясцовасьці, а зараз яшчэ і толькі ў межах канкрэтнай зоны, дазволенай для палёту «Белаэранавігацыяй».

Па-ранейшаму будуць забароненыя палёты ў межах «закрытых зонаў»: як правіла, гэта вайсковыя і небясьпечныя вытворчыя аб’екты, прымежныя тэрыторыі і т. д. Такіх зонаў робіцца ўсё больш. Зь іх пералікам можна азнаёміцца на інтэрактыўнай публічнай кадастравай мапе.

Па-ранейшаму нельга падлятаць бліжэй вызначанай адлегласьці да людзей, жылых, камэрцыйных і прамысловых будынкаў, а таксама да зон адпачынку.

Адказнасьць за парушэньні правілаў

За парушэньні правілаў выкарыстаньня паветранай прасторы грамадзяне могуць атрымаць штраф па артыкуле 18.35 КаАП у памеры да 20 базавых велічыняў (цяпер гэта 740 рублёў), а юрыдычныя асобы — да 50 базавых (1850 рублёў).

Магчыма, не апошнія абмежаваньні

У канцы траўня выданьне Zerkalo даведалася ад дасьведчаных крыніц у сфэры грамадзянскай бесьпілётнай авіяцыі, што ўлады разглядаюць і іншыя новаўвядзеньні, мэта якіх — максымальна звузіць круг карыстальнікаў дронаў, верагодна, да юрыдычных асобаў.

Цяпер, як гавораць крыніцы, зь ініцыятывы Мінтрансу падрыхтаваны і ўжо праходзіць узгадненьне новы прававы акт, які абмяжуе выкарыстаньне дронаў для ўсіх фізычных асобаў і, хутчэй за ўсё, індывідуальных прадпрымальнікаў. Гаворка ідзе пра забарону альбо на палёты, альбо нават на валоданьне дронамі — займацца гэтым змогуць толькі юрыдычныя асобы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Беларусі маюць намер увесьці новыя абмежаваньні на выкарыстаньне дронаў