Што такое «рэагент» і чаму ён стрымлівае пашырэньне тэстаў на каранавірус?

Мэдык у ахоўным камбінэзоне з наборам для тэставаньня на каранавірус

На кончыку кожнай палачкі ў тэставым наборы, якім бяруць мазок на каранавірус, ёсьць рэагенты.

Гэта мудрагелістае слова азначае асноўныя складнікі любога хімічнага тэсту, а ў выпадку цяперашняй пандэміі яно ўключае неарганічныя растворы, такія як фэрмэнты ці праймэры, створаныя ў адпаведнасьці з геномам каранавірусу.

Яны патрэбныя для правядзеньня каранавірусных тэстаў, якія ў сваю чаргу жыцьцёва неабходныя для барацьбы з COVID-19.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лекар-рэаніматоляг: менскія рэанімацыі запоўненыя, афіцыйная статыстыка моцна заніжаная

Попыт на рэагенты у многіх месцах будзе і надалей перавышаць іх рэальныя запасы. Гэта ўсё адбываецца на фоне няспыннага змаганьня за стварэньне бясьпечных і эфэктыўных вакцынаў, лячэньня хворых ды рэгулярных заклікаў да праверкі з боку ўрадаў, якія адначасова спрабуюць вывесьці мільярды людзей з маштабнага карантыну.

Але, нягледзячы на даўгавечнасьць рэактываў у прабірцы, крызіс COVID-19 падкрэсьліў нашу ўразлівасьць празь іх недахоп, выкліканы раптоўным попытам, забаронай на экспарт і назапашваньнем. Гэты дэфіцыт узмацняецца такімі праблемамі, як абмежаваныя вытворчыя магутнасьці і рынак, які апанавалі толькі некалькі кампаній.

«Фактар стрымліваньня палягае на тым, што трэба стварыць спэцыяльныя фэрмэнты і спэцыяльныя праймэры», — сказаў Дэйві Сьміт, судырэктар аднаго з цэнтраў лячэньня СНІДу ў Нацыянальным інстытуце здароўя ЗША, у інтэрвію Радыё Свабода.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 58 памерлі. У Беларусі прызналі 7281 выпадак COVID-19, плюс 558 за дзень

Няма рэагентаў — няма надзейных тэстаў

Асноўным у спробах масавага тэставаньня ляжыць здольнасьць выяўляць ня толькі інфікаваных, але і любога чалавека, які валодае спэцыфічнымі антыцеламі, якія сьведчаць аб перадачы захворваньня і магчымасьці імунітэту.

У цяперашні час найбольш распаўсюджаныя тэсты гэтак званай полімэразнай ланцуговай рэакцыі. Спачатку бярэцца проба для збору генэтычнага матэрыялу, які потым ампліфікуецца, то бок павялічваецца, у лябараторыі з дапамогай полімэразы. Праймэры, якія арыентуюцца на пэўную вобласьць геному, вызначаюць, ці ёсьць у арганізьме пацыента РНК каранавірусу, гэта значыць, яго генэтычны код.

Другая асноўная катэгорыя тэстаў — сэралягічныя, дзе ў пробах крыві выдзяляюць антыцелы, якія ўзьніклі ў выніку ўзьдзеяньня віруса ў мінулым. Менавіта гэты менш распаўсюджаны тэст на антыцелы будзе асабліва важны пасьля таго, як сыдзе першая хваля COVID-19.

Экспэрты лічаць, што лекары і палітыкі павінны больш уважліва вывучаць інфармацыю пра пацыентаў, якіх вылечылі і якія не праяўлялі ніякіх сымптомаў. Гэта неабходна для таго, каб правільна ацаніць праблемы імунітэту і ўразлівасьці людзей, улічваючы, што ўрады зьбіраюцца аслабляць сацыяльнае дыстанцыяваньне і карантын.

Абодва тыпы тэстаў патрабуюць складаных і якасных рэагентаў.

«Гэта розныя тыпы хімічных рэчываў, здольных выявіць вірус — адно рэчыва ўзмацняе вірус, другое распазнае яго», — сказаў Сьміт, які таксама працуе ў Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Сан-Дыега ў якасьці вірусоляга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аптэчка. 90 адказаў пра каранавірус ад Сусьветнай арганізацыі здароўя, мэдычных аўтарытэтаў і з найлепшай практыкі

«Ніколі не было дэфіцыту»

Старшыня Брытанскай гандлёвай асацыяцыі вытворцаў тэстаў на каранавірус нядаўна заявіў, што «ніколі не было дэфіцыту хімічных рэчываў».

Але сутыкнуўшыся зь цяперашняй пандэміяй Дорыс-Эн Уільямс з Брытанскай асацыяцыі дыягностыкі ў лябараторных умовах сказала The New York Times, што «ўсе буйныя краіны сьвету хочуць таго самага адначасова».

З той ці іншай прычыны большасьць краінаў не назапасіла рэагентаў, нягледзячы на нядаўнія вірусныя эпідэміі, такія як ВРВІ 2003, MERS 2012, 2015 і 2018, Эбола 2014–2016 і 2019 і Zika 2015–2016.

Выключэньне складае Паўднёвая Карэя, якая вырабляе і экспартуе тэст-наборы пасьля сьмяротнай успышкі вірусу MERS пяць гадоў таму.

Аднак да 10 студзеня нават у Сэуле не было ўсіх рэагентаў для цяперашняй пандэміі, калі групе навукоўцаў, якія працавалі ў эпіцэнтры вірусу, нарэшце ўдалося ідэнтыфікаваць «першасны» геном новага каранавірусу, які афіцыйна называецца SARS-CoV-2V.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 29 з 75. Амаль палова артыстаў капэлі імя Шырмы маюць каранавірус, аднаго шпіталізавалі

Раптам усім патрэбны

У сярэдзіне студзеня Кітай, вядучы ўсясьветны вытворца і экспартэр каранавірусных рэагентаў і набораў, пачаў сам змагацца за дыягнастычныя наборы для COVID-19, калі каранавірус распаўсюдзіўся на правінцыю Хубэй і за яе межамі.

Попыт з боку Кітаю і забарона на экспарт вычарпалі ўсясьветныя запасы і пабольшылі дэфіцыт тэставых набораў.

У Эўропе, якая стала другім эпіцэнтрам хваробы ў сакавіку, можна было назіраць «эфэкт даміно», які хутка прывёў да дэфіцыту тэставых набораў. Паводле кіраўніцы Эўрапейскага цэнтру прафіляктыкі і кантролі захворваньняў Андрэі Амон, праблема не была вырашана да гэтага часу.

Буйныя ўсясьветныя вытворцы тэстаў змагаюцца за павелічэньне ўласнай вытворчасьці для забесьпячэньня прыбытковых рынкаў Эўропы і Паўночнай Амэрыкі. Аднак, павялічваючы пастаўкі, яны адначасова выцесьнілі меншыя кампаніі, і ў значнай ступені абышлі бедныя краіны, якія не маглі канкураваць на рынках для багатых.

«Мы не рабілі запасаў. Мы проста абапіраліся на нашы звычайныя тэставыя плятформы, а яны да гэтага не былі гатовыя, — сказаў Сьміт. — Я маю на ўвазе, што было дапушчана шмат памылак, але адна з самых вялікіх была ў тым, што ў нас не было запасаў рэагентаў».

Матэрыял падрыхтаваў Энды Гейл з Цэнтральнага бюро навінаў Радыё Свабода. Пераклад публікуецца са скарачэньнямі.

Што трэба ведаць пра новы каранавірус, які выклікае COVID-19

  • Невядомы раней вірус выявілі ў кітайскім горадзе Ўхань у сьнежні 2019 году.
  • Афіцыйнай назвай хваробы ад новага каранавірусу з Кітаю стала COVID-19 (coronavirus disease).
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе трымацца далей ад людзей, якія чхаюць і кашляюць, добра мыць рукі, ня есьці дрэнна апрацаванае (недасмажанае або недаваранае) мяса, абмежаваць сацыяльныя кантакты.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя абвясьціла распаўсюд каранавіруснай інфэкцыі COVID-19 у сьвеце пандэміяй.

  • Праявы каранавірусу падобныя да іншых вострых вірусных захворваньняў. Ён суправаджаецца павышанай тэмпэратурай, ліхаманкай і цяжкасьцямі дыханьня, у хворага могуць зьяўляцца кашаль, млявасьць, пагаршэньне агульнага стану; можа выклікаць бранхіт і пнэўманію.
  • Каранавірусы — сямейства з больш як 30 вірусаў, якія былі ўпершыню выдзеленыя ў 1965 годзе. Паражаюць людзей, свойскіх жывёлаў, сьвіней, буйную рагатую жывёлу, птушак і здольныя правакаваць пашкоджаньне дыхальнай сыстэмы, страўнікава-кішачнага тракту, нэрвовай сыстэмы. Вядома, што інфэкцыя перадаецца ад чалавека да чалавека. Сярод сымптомаў — гарачка, кашаль і цяжкае дыханьне. Паколькі гэтыя сымптомы падобныя да многіх іншых рэсьпіратарных захворваньняў, неабходны дадатковы скрынінг. ​

Найважнейшыя пытаньні і адказы пра каранавірус

Беларускія мэдыкі, якія загінулі падчас пандэміі COVID-19. СЬПІС ПАМЯЦІ