Сотні дэманстрантаў сабраліся каля Капітолія Каліфорніі, патрабуючы, каб губэрнатар Гэйвін Ньюсам аслабіў жорсткія абмежаваньні на выхад з дому, нягледзячы на заклікі самога губэрнатара да стрыманасьці.
Сама меней 100 аўтамабіляў кружылі вакол Капітолія ў Сакрамэнта, бесьперапынна сыгналячы, у той час як ня менш за 200 дэманстрантаў мітынгавалі з плякатамі, выступаючы супраць шматтыднёвага карантыну, які паралізаваў эканоміку.
Многія былі без масак і тоўпіліся на тратуарах і вуліцах, ігнаруючы рэкамэндацыі па мінімізацыі распаўсюджваньня віруса.
«Калі вы зьбіраецеся пратэставаць, выконвайце фізычную дыстанцыю, — заклікаў Ньюсам — Найгоршае, што мы можам зрабіць, гэта прымаць рашэньні, грунтуючыся на палітыцы і расчараваньні».
Каля дзьвюх тысяч чалавек у панядзелак сабраліся ў сталіцы Пэнсільваніі Гарысбэргу. Мітынг стаў адной з найбуйнейшых акцый супраць карантыну ў ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аж да карантыну і камэнданцкага часу». Лукашэнка пра рэкамэндацыі Сусьветнай арганізацыі здароўя