19-гадовыя блізьняты зь Пінску атрымалі срэбраную кнопку YouTube

Срэбраная кнопка YouTube, ілюстрацыйнае фота

Браты Ільля і Яўген Шарыкалы атрымалі срэбраную кнопку YouTube. Відэагостынг узнагароджвае ёю каналы, якія маюць 100 тысяч і больш падпісчыкаў. Браты здымаюць гумарыстычныя скетчы, кожны зь якіх набірае больш за 100 тысяч праглядаў.

​​У мэханікаў праглядаў больш за тэлеканалы

Ільлю і Яўгену па 19 гадоў, яны — браты-блізьняты. У рэйтынгу беларускіх ютуб-блогераў паводле колькасьці абанэнтаў іхны канал «Топовый Пинск» займае 39 месца, абганяючы тэлеканалы АНТ і Белсат.

На момант публікацыі «Топовый Пинск» мае амаль 210 тысяч падпісантаў. Каб атрымаць срэбраную кнопку, давялося пачакаць: свайго офісу YouTube у Беларусі няма, узнагароду дасылалі з ЗША праз Нацыянальны аэрапорт.

Сёлета браты Шарыкалы скончылі Пінскі аграрны тэхналягічны каледж. Цяпер яны могуць працаваць мэханікамі халадзільнага абсталяваньня на мясным ці малочным заводах, але будуць працаваць на ўласным канале.

«Завод — гэта не маё», — кажа Ільля.

Заробак з YouTube акупае блог

У камандзе відэаблогу «Топовый Пинск» працуюць 4 чалавекі, часам Ільля і Яўген далучаюць да працы знаёмых. На старце блогу браты ўклаліся ў тэхніку: набылі камэру і штатыў, цяпер думаюць пра мікрафон і сьвятло.

Ільля кажа, што заробак зь ютубу цалкам акупляе сябе.

Каманда «Топового Пинска»​

Жыць у Пінску, каб рабіць цікавы кантэнт

Ільля і Яўген жывуць у Пінску і пакуль не зьбіраюцца пераяжджаць у Менск. Ствараць кантэнт можна і тут, лічаць яны.

«Мы часта сустракаемся з калегамі: ці мы да іх прыяжджаем (у Менск ці Маскву — РС), ці яны да нас. Здымаем калябарацыі разам», — кажа Ільля.

Калябарацыя — адзін зь відаў супрацы двух ці больш ютубэраў, калі блогеры здымаюць супольныя відэа. Такім чынам адбываецца абмен гледачамі, а колькасьць падпісантаў, як правіла, павялічваецца.

YouTube-канал «Топовый Пинск» пачаўся ў сьнежні 2016 году з аднайменнай суполкі «УКантакце». З ростам каналу хлопцы вырашылі не адмаўляцца ад пачатковай назвы, бо хацелі, каб больш людзей даведаліся пра Пінск.

«Там мы публікавалі навіны, зьвязаныя з горадам, апытаньні і гэтак далей. Пасьлей пачалі здымаць ролікі для пінскай аўдыторыі, так набралі першыя 2-3 тысячы падпісантаў. Мы не хацелі на гэтым спыняцца і пачалі здымаць для шырэйшай аўдыторыі», — кажа Ільля.

Хто гэта глядзіць?

Цяпер на канале выходзяць скетчы двух тыпаў: «Карацей кажучы» і «Кожны чалавек такі».

Больш за палову гледачоў — расейцы, больш за 30% гледачы 18-24 гадоў. Сёлета хлапцы маюць 2-3 мільёны праглядаў на месяц.

Тры парады ютубэрам-пачаткоўцам

Ільля параіў чытачам Свабоды, якія думаюць пра ўласны блог, наступнае:

  1. Вырашыць для сябе, чым можна падзяліцца з людзьмі.
  2. Не баяцца і не саромецца, а таксама не зьвяртаць увагу на думкі іншых.
  3. Рабіць кантэнт рэгулярна, не зважаючы на прагляды.