Падзеі 26 студзеня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.
Дата дня
26 студзеня 2003 году пасьля аўтакатастрофы памёр Уладзімер Мулявін, народны артыст Беларусі і СССР. У 1968 годзе Мулявін заснаваў пры Белдзяржфілярмоніі вакальна-інструмэнтальны ансамбль «Лявоны», які праз 2 гады быў перайменаваны ў «Песьняры».
Уладзімер Мулявін
Таксама ў гэты дзень
1586 — Нясьвіж атрымаў магдэбурскае права.
1990 — Вярхоўны Савет БССР прыняў закон аб мовах, абвясьціўшы беларускую мову адзінай дзяржаўнай у Беларусі.
1994 — Станіслава Шушкевіча адклікалі з пасады старшыні Вярхоўнага Савету.
У гэты дзень нарадзіліся
1908 — Барыс Малкін, беларускі графік і тэатральны мастак. Афармляў спэктаклі ў тэатрах імя Янкі Купалы і Якуба Коласа, рабіў ілюстрацыі да твораў Купалы і Цёткі.
1947 — Сьвятлана Акружная, народная артыстка Беларусі, з 1969-га акторка Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатру імя Якуба Коласа.
1961 — Уэйн Грэцкі, канадзкі хакеіст беларускага паходжаньня.
У памяці
1994 — памёр ад інфаркту Алесь Адамовіч, беларускі літаратар і грамадзкі дзяяч. Адамовіч адным зь першых падняў тэму Чарнобыльскай катастрофы і яе сапраўдных маштабаў. Суаўтар кнігі «Я з вогненнай вёскі», аўтар «Хатынскай аповесьці» і сцэнарыст фільмаў «Вайна пад дахамі», «Сыны ідуць у бой» і «Ідзі і глядзі».
Партрэт Алеся Адамовіча