Расейскія антыамэрыканскія плякаты дабраліся да Магілёва. Фотафакт

Партрэт на павільёне

У магілёўскім кіёску ня хочуць абслугоўваць Барака Абаму. Уладальнік кіёска назваў плякат «дурасьцю, якою ён заваблівае пакупнікоў»

У Магілёве гандляр невялікай крамы аўтазапчастак вывесіў на сваім павільёне плякат зь перакрэсьленай выяваю чалавека, падобнага да Барака Абамы, з расейскамоўным надпісам: «Абаму ўваход забаронены».

Высьветліць, як часта наведваецца да магілёўскага прадпрымальніка на закупы прэзыдэнт ЗША і ў чым перад ім правініўся, не ўдалося.

Партрэт на павільёне

Павільён стаіць на ўезьдзе ў пасёлак Грабянёва. Прадавец на просьбу патлумачыць, чаму тут такі плякат, адказаў, што «такая фішка дужа папулярная ў Расеі», і параіў патэлефанаваць уладальніку гандлёвай кропкі.

Бізнэсовец жа адмовіўся ад сустрэчы з журналістам, спаслаўшыся на занятасьць. На пытаньне праз тэлефон, што хоча ён сказаць такога роду пасланьнем, адказаць ня змог. Пагадзіўся, што «гэта дурасьць». Дадаў, што такім чынам імкнецца завабіць больш пакупнікоў.