Зарэгістраваны ў Літве Незалежны інстытут сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў апублікаваў папярэднія дадзеныя нацыянальнага апытаньня, праведзенага ў верасьні 2010 году. Паводле гэтых дадзеных, рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі за апошнія тры месяцы ўпаў на 5 працэнтаў. Чым можна патлумачыць гэтыя дадзеныя, ці варта гаварыць пра нейкую тэндэнцыю? Чаму ўсё болей беларусаў выбіраюць збліжэньне з Эўразьвязам замест інтэграцыі з Расеяй? На гэтыя пытаньні адказвае палітычны аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Паўлюк Быкоўскі.
Цыганкоў: Чым можна патлумачыць даволі істотнае падзеньне рэйтынгу Лукашэнкі? Гэта выклікана нейкімі часовымі прычынамі альбо мы маем справу зь нейкай тэндэнцыяй, якая будзе разьвівацца з набліжэньнем выбараў?
Быкоўскі: Цяжка казаць, ці стане гэта тэндэнцыяй, бо пакуль мы бачым толькі асобны ўсплеск зьніжэньня рэйтынгу Лукашэнкі. Якраз нядаўна мы назіралі ўсплёск у іншы бок, таму рана рабіць нейкія высновы.
Можна назіраць пэўную стомленасьць электарату тым, што людзі назіраюць у паводзінах Лукашэнкі.
Цыганкоў: Даволі прыкметная тэндэнцыя — зноў вырасла колькасьць беларусаў, якія гатовыя галасаваць сёньня за ўступленьне Беларусі ў Эўразьвяз. І гэтая лічба расьце фактычна кожнае апытаньне цягам гэтага году. Чым бы вы патлумачылі гэтую тэндэнцыю?
Быкоўскі: Я б не казаў, што ў прыхільнікі ўступленьня ў Эўразьвяз перацякаюць людзі, якія раней выступалі за інтэграцыю з Расеяй. Бо мы бачылі даволі вялікую колькасьць людзей, якія былі як супраць інтэграцыі з Усходам, гэтак і з Захадам.
Разам з тым мы бачым, што ў Эўропе эканоміка перажыла крызіс, зь іншага боку, мы чуем станоўчую рыторыку беларускага рэжыму адносна супрацоўніцтва з Захадам. І гэтыя дзьве тэндэнцыі накладаюцца адна на адну.
Але пакуль рана казаць, што мы назіраем цьвёрдае імкненьне беларускага электарату да інтэграцыі з ЭЗ. Найхутчэй, тут ёсьць накладаньне двух мэдыя-эфэктаў — інфармацыйнай вайны з Расеяй і таго, што беларуская прапаганда перастала апошнім часам зацята лаяць Захад.