Крэдыты — браць, прэтэнзіі — адхіляць

Беларусь не зьбіраецца сябраваць з Эўразьвязам ва ўрон інтарэсам іншых дзяржаваў — заявіў сёньня Аляксандар Лукашэнка на паседжаньні ў пытаньнях разьвіцьця дачыненьняў з Эўразьвязам, якое прайшло сёньня ў Менску. Ён лічыць недапушчальным, каб удзел Беларусі ў агульнаэўрапейскіх працэсах перакрэсьліў усе выгоды ад інтэграцыі з Расеяй ды іншымі краінамі СНД.
Сёньня Аляксандар Лукашэнка зноў агучыў тэзу, якой часта карыстаецца апошнім часам. Ён падкрэсьліў: ня толькі Эўразьвяз карысны для Беларусі, але і Беларусь ня менш карысная для Эўропы. Аргумэнты на карысьць гэтага сьцьверджаньня ранейшыя: маўляў, Эўразьвяз — моцны фактар эканамічнага і навукова-тэхналягічнага разьвіцьця Беларусі. А Беларусь — надзейны партнэр Эўропы ў сфэры транзыту энэрганосьбітаў і трансэўрапейскіх грузаў, змагар з транспамежнай злачыннасьцю, нелегальнай міграцыяй, міжнародным тэрарызмам.

Аляксандар Лукашэнка таксама даў ацэнку ўдзелу Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства”:

“Мы сталі паўнавартаснымі ўдзельнікамі “Ўсходняга партнэрства”. Хаця сур'ёзны эфэкт ад гэтага, такі, які можна было б памацаць рукамі, пакуль невідавочны. Разам з тым, на жаль, у асобных эўрапейскіх сталіцах да гэтага часу ёсьць схільнасьць “рухацца па інэрцыі” ў дачыненьнях зь Беларусьсю, выкарыстоўваючы інструмэнты палітычнага і эканамічнага націску”.

Палітоляг Алесь Лагвінец кажа: у гэтых заявах ёсьць шмат супярэчлівага:

“Яны часткова адлюстроўваюць сёньняшні стан дачыненьняў Беларусі з Эўразьвязам. Вельмі правільна заўважана, што Беларусь ёсьць вельмі важнай краінай для Эўропы. Але ў той жа час робіцца вельмі заганнае (але ўласьцівае беларускім уладам) прывядзеньне беларускага нацыянальнага інтарэсу да інтарэсу кіроўнай эліты. Вось жа, у інтарэсах беларускага народу сапраўды шырокамаштабнае збліжэньне з Эўразьвязам, улучна з увядзеньнем агульнаэўрапейскіх стандартаў у дэмакратычнай сфэры. А беларускі кіраўнік кажа толькі пра канкрэтныя вынікі, якія выяўляліся б толькі ў атрыманьні крэдытаў і інвэстыцыяў для беларускіх уладаў”.

Паколькі Беларусь спрабуе пабудаваць шырокафарматныя дачыненьні з Захадам, то такія нарады, як сёньняшняя, павінны праводзіцца рэгулярна, адзначае Лагвінец:

“Увогуле пытаньне супрацоўніцтва з ЭЗ павінна стаць рэгулярным ня толькі ў абмеркаваньнях, але і ў дзеяньнях беларускай улады. Гэта значыць, што павінна быць створаная спэцыяльная пасада віцэ-прэм'ера ў пытаньнях супрацоўніцтва з ЭЗ. Мусіць аддавацца ўвага каардынацыі працы розных міністэрстваў. Бо, сапраўды, надыходзяць тыя часы, калі Беларусь атрымлівае магчымасьць быць задзейнічанай у самых розных праектах і ініцыятывах. Гэтая магчымасьць пакуль існуе патэнцыйна, як слушна заўважыў Аляксандар Лукашэнка. Але пытаньне каардынацыі і найлепшага ўцягваньня Беларусі ў эўрапейскія праблемы, незалежна ад аўтарытарнага характару сёньняшняй улады, будзе актуальным”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што датычна Беларусі “да гэтага часу захоўваецца шэраг абмежаваньняў, прычым даволі адчувальных для краіны”.