Іміграцыйная і мытная служба ЗША затрымала ня менш як 9 беларусаў пасьля выкліку на праверку

Цэнтар утрыманьня у Нэвадзе, ілюстрацыйнае фота

Не менш як 9 беларусаў, выкліканых для чарговай адзнакі ў Іміграцыйную і мытную службу (ІТС) ЗША, былі затрыманыя і зьмешчаныя ў спэцыяльныя цэнтры, у дачыненьні да іх праводзіцца праверка.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк» са спасылкай на Асацыяцыю беларусаў у Амэрыцы (АБА).

«Калі вы падаліся на палітычны прытулак у ЗША і чакаеце суду і вас выклікаюць па любой прычыне ў ІТС або Службу ў грамадзянстве і міграцыі, то існуе рызыка, што вас могуць «зьмясьціць у detention center, дзе ў вас не будзе доступу да інтэрнэту, цяжка будзе паведаміць родным і сябрам аб сытуацыі, можа быць страчаны час для працы з адвакатам, ня будзе доступу да лекаў», — папярэдзіла арганізацыя.

8 верасьня амбасада ЗША ў Беларусі папярэдзіла аб наступствах парушэньня тэрмінаў легальнага знаходжаньня на амэрыканскай тэрыторыі.

«Знаходжаньне ў ЗША пасьля даты, указанай у форме I-94 (Admit Until Date), можа мець сур’ёзныя наступствы, такія як ануляваньне візы, магчымая дэпартацыя і адмова ў выдачы візы ў будучыні» — папярэдзіла амбасада.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША апублікавалі новыя правілы атрыманьня візаў, у тым ліку для беларусаў