Польшча назірала ўзмацненьне актыўнасьці бесьпілётнікаў каля мяжы з Беларусьсю мінулай начы, паведаміў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністарцыі краіны Марцін Кервіньскі у чацьвер 18 верасьня, піша Reuters.
Гэта адбывалася на фоне поўнага закрыцьця мяжы перад беларуска-расейскімі вайсковымі вучэньнямі «Захад-2025», якія скончыліся 16 верасьня.
На пытаньне, чаму мяжа ўсё яшчэ закрытая, улічваючы, што вучэньні «Захад» скончыліся, міністар унутраных спраў Марцін Кервіньскі сказаў, што Польшча зноў адкрые яе, калі гэта будзе бясьпечна:
«Учора ўвечары памежная служба назірала ўзмацненьне актыўнасьці беларускіх і расейскіх бесьпілётнікаў, якія спрабавалі перасячы польскую паветраную прастору, — сказаў ён.— Відавочна, што сытуацыя на польска-беларускай мяжы застаецца вельмі і вельмі напружанай».
Кервінскі ня даў больш падрабязнасьцей. Прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў заявіў, што польскага ўмяшаньня або спробы зьбіць бесьпілётнікі не было.
Занепакоенасьць Польшчы з нагоды вучэньняў «Захад» узмацнілася, калі ў ноч з 9 на 10 верасьня каля 21 расейскага бесьпілётніка ўвайшлі ў яе паветраную прастору.
Аб закрыцьці пунктаў пропуску на мяжы Польшчы і Беларусі стала вядома 9 верасьня. Як заявіў міністар унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марцін Кервіньскі, Варшава закрывае мяжу зь Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», а «ў сувязі зь іх правядзеньнем».
17 верасьня беларускае МЗС заявіла, што праз 10 дзён пачне «прымяняць прадугледжаныя законам меры» да амаль паўтары тысячы польскіх фураў, якія не пасьпелі пакінуць Беларусь да закрыцьця мяжы. Выехаць празь мяжу зь Літвой ці Латвіяй Беларусь ім не дазваляе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Калі палякі адкрыюць мяжу? ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі праз закрыцьцё польскай мяжы затрымаліся амаль 1,5 тысячы польскіх фураў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча разьлічвае на дапамогу Кітаю ў крызісе на беларускай мяжы, — кіраўнік МЗС Сікорскі