Адзначаецца, што тэракты каардынаваліся грамадзянамі Расейскай Фэдэрацыі, якія маюць сувязі з расейскімі ваенна-разьведвальнымі службамі. Таксама сьцьвярджаецца, што некалькі каардынатараў гэтых злачынстваў маюць непасрэднае дачыненьне да спробы тэрарыстычнага акту 9 траўня 2024 году ў Вільні, калі быў падпалены гандлёвы цэнтар IKEA.
Паводле супольнай заявы літоўскай пракуратуры і паліцыі, дасудовае расьсьледаваньне выявіла, што 19 ліпеня 2024 году грамадзянін Літвы А. Ш., 1973 года нараджэньня, дзейнічаючы разам з саўдзельнікамі, скарыстаўся паслугамі міжнароднай дастаўкі і перавозкі пасылак кампаній «DHL» і «DPD» і адправіў зь Вільні ў розныя эўрапейскія краіны 4 пасылкі з самаробнымі выбухова-запальнымі прыладамі.
Дзьве з гэтых пасылак былі адрасаваныя і адпраўленыя ў Вялікую Брытанію грузавымі самалётамі DHL, дзьве іншыя былі адрасаваныя і адпраўленыя ў Польшчу грузавымі аўтамабілямі DPD.
У заяве даецца наступная храналёгія падзеяў:
- 20 ліпеня 2024 г. а 05:45 раніцы спрацавала першая выбуховая прылада. Выбух і ўзгараньне, выкліканыя загадзя запраграмаваным электронным таймэрам, адбыліся ў аэрапорце Ляйпцыга ў Нямеччыне незадоўга да таго, як пасылку меліся пагрузіць на грузавы самалёт DHL, на стыковачны рэйс (Вільня-Ляйпцыг-Вялікая Брытанія).
- 21 ліпеня 2024 г. а 02:15 раніцы другая прылада здэтанавала і выклікала ўзгараньне на грузавіку DPD, які ехаў праз Польшчу.
- 22 ліпеня 2024 г. а 03:36 раніцы трэцяя партыя прылада здэтанавала і выклікала ўзгараньне на складзе DHL у Бірмінгэме, Вялікая Брытанія.
- Чацьвёртая пасылка, якая перавозілася наземным грузавым транспартам DPD у Польшчы, ня выбухнула праз тэхнічную няспраўнасьць, якая перашкодзіла дэтанацыі выбуховай прылады.
Паведамляецца, што расьсьледаваньнем займалася сумесная сьледчая група з мноства краінаў — акрамя Літвы, там былі прадстаўнікі Польшчы, Вялікай Брытаніі, Нямеччыны, Нідэрляндаў, Латвіі, Эстоніі, Злучаных Штатаў і Канады.
У заяве называюцца імёны падазраваных у каардынацыі тэрактаў. Гэта грамадзянін Украіны Данііл Громаў, 1988 году нараджэньня, які таксама выкарыстоўвае асабістыя ідэнтыфікацыйныя дадзеныя грамадзяніна Расейскай Фэдэрацыі Яраслава Міхайлава, 1988 году нараджэньня, і Томас Доўгань Стабачынскас, 1971 году нараджэньня, які мае грамадзянства як Літоўскай Рэспублікі, гэтак і Расейскай Фэдэрацыі. Іх абвясьцілі ў міжнародны вышук.
Акрамя таго, у вышук абвешчаны і грамадзянін Расеі Андрэй Бабураў, 1962 году нараджэньня
Таксама сьцьвярджаецца, што пры арганізацыі і падрыхтоўцы тэрарыстычных актаў выкарыстоўваліся таксама іншыя грамадзяне Літвы, Расеі, Латвіі, Эстоніі і Ўкраіны. Агулам падазрэньні ў крымінальных дзеяньнях выстаўлены 15 асобам.
У заяве адзначаецца, што за такія злачынствы ў Літве пагражае ад 5 гадоў да пажыцьцёвага зьняволеньня.
Літоўскія праваахоўнікі паведамляюць, што падчас расьсьледаваньня было больш за 30 ператрусаў у Літве, Польшчы, Латвіі і Эстоніі, і пры гэтым канфіскавалі больш за 6 кг выбухоўкі ў трацілавым эквіваленце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Лёндана да Вільні: як зьвязаныя з Расеяй структуры наймаюць моладзь для дывэрсій супраць краін Эўразьвязу ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьследаваньне катастрофы самалёта DHL у Вільні: доказаў тэракту няма