- Што нечаканага адбылося на вучэньнях «Захад-2025»?
- Якімі будуць наступствы рашэньня Польшчы зачыніць мяжу зь Беларусьсю?
- Якім можа быць плён дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Вашынгтонам?
— Учора ў Беларусі скончыліся беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025». Што нечаканага адбылося на іх? І што з таго, што чакалася, не адбылося?
— Я думаю, што адказ шмат у чым залежыць ад таго, хто чаго чакаў. У вучэньняў «Захад» заўжды быў нэгатыўны вобраз. Пасьля вучэньняў «Захад-2021» Расея пакінула шмат вайсковага абсталяваньня на тэрыторыі Беларусі, якое ў лютым 2022 году было выкарыстанае для нападу на Ўкраіну. Вось гэты нэгатыўны вобраз шмат у чым уплывае на тое, як успрымаюцца гэтыя вучэньні. Калі ж паглядзець па сутнасьці, то сёлетнія вучэньні «Захад-2025» былі даволі сьціплыя. Колькасьць расейскіх вайскоўцаў на іх была найменшая за ўсе гады існаваньня вучэньняў «Захад». На палігоны, дзе яны праводзіліся ў Беларусі, не прыехалі ані Лукашэнка, ані Пуцін.
— 10 верасьня адбылося масавае ўварваньне ў Польшчу расейскіх дронаў. На ваш погляд, ці было гэта неяк зьвязана з вучэньнямі, якія пачаліся праз два дні?
— Падчас гэтых абстрэлаў яна выкарыстоўвае велізарную колькасьць дронаў, значная частка зь якіх мае на мэце проста напружваць сыстэму супрацьпаветранай абароны. І адпаведна пэўная частка гэтых дронаў, якія былі пашкоджаныя сродкамі РЭБ некуды паляцелі. Было шмат выпадкаў, калі яны ляцелі ў Беларусь. Зараз некалькі заляцела ў Польшчу.
— Хіба ня самая важная падзея, зьвязаная з вучэньнямі — рашэньне польскага ўраду цалкам зачыніць мяжу зь Беларусьсю — і пасажырскія, і грузавыя пераходы. Нагодай былі названыя як раз вучэньні. Але амаль адразу было заяўлена, што мяжа можа застацца зачыненай і пасьля завяршэньня вучэньняў. Што і адбылося. Учора пра гэта паведаміў польскі ўрад. Калі вучэньні былі нагодай, то што — прычынай?
— Ужо некалькі гадоў паміж урадамі Польшчы і Беларусі адбываецца вельмі складаны дыялёг. Ёсьць вострыя тэмы ў двухбаковых адносінаў — міграцыйны ціск з боку Беларусі, забойства польскага салдата мігрантам, лёс Анджэя Пачобута. Ёсьць такая вельмі маральна балючая тэма, як разбурэньне могілак вайскоўцаў АК у Беларусі. І польскі бок ужо стаміўся ад Лукашэнкі і ад гэтых шматгадовых дыскусіяў. Калі абодва бакі ня могуць знайсьці паразуменьне, ім няшмат чаго застаецца апроч эскаляцыі.
— На ваш погляд, якая імавернасьць таго, што Лукашэнка пойдзе на саступкі, пойдзе насустрач Польшчы, каб мяжу ізноў адкрылі?
— Паміж бакамі пачалося спаборніцтва, хто першы міргне. Ну, я думаю, што праз пэўны час узьнікне попыт на пасярэдніка. Такім пасярэднікам могуць быць Злучаныя Штаты. І нейкія перамовы раней ці пазьней адбудуцца. Ніхто не зацікаўлены ў тым, каб гэтая мяжа была зачынена назаўсёды. Цяперашняя эскаляцыя можа аказацца нават у нечым карыснай, яна можа падштурхнуць бакі да пошуку рашэньняў, якія не знаходзіліся гадамі.
— Днямі кіраўнік камісіі Сэйму Польшчы ў замежных справах Павал Коваль заявіў, што спроба ЗША наладзіць адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам нічога ня дасьць, падобныя развароты палітыкі ўжо былі ў мінулым. Выглядае, што так думае ня толькі ён. Ці згодны вы з польскім парлямэнтаром?
— Той працэс перамоваў, які цяпер адбываецца паміж ЗША і рэжымам Лукашэнкі, безумоўна даволі абмежаваны. Ці можна такім шляхам дасягнуць трансфармацыі беларускай палітычнай сыстэмы? Зразумела, не. Гэта ўжо даўно не на парадку дня. Ці магчыма дасягнуць вызваленьня палітычных зьняволеных і значнага запавольваньня хады рэпрэсіўнай машыны? Так, гэта магчыма. І гэта, дарэчы, было магчымым ужо даўно, ужо некалькі гадоў. Але аўтарытарную прыроду беларускага рэжыму гэтыя перамовы зьмяніць ня ў стане.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум